найбольш пашыраны тып радыёпрыёмніка з пераўтварэннем нясучай частаты прынятых сігналаў (без змены закону мадуляцыі) у больш нізкую фіксаваную (прамежкавую) частату, на якой адбываюцца асн. ўзмацненне і фільтрацыя сігналаў. У параўнанні з радыёпрыёмнікам прамога ўзмацнення вызначаецца большымі адчувальнасцю, селектыўнасцю і каэфіцыентам узмацнення.
Мае прэселектар, пераўтваральнік частаты, узмацняльнік прамежкавай частаты, дэтэктар, узмацняльнік нізкай частаты і сродкі ўзнаўлення інфармацыі (гучнагаварыцель, кінескоп і інш.). Прэселектар выконвае папярэднюю селекцыю (гл.Селектыўнасць радыёпрыёмніка) карысных сігналаў пры высокай выбіральнасці толькі адносна частаты люстранага канала (адрозніваецца ад частаты карыснага канала на падвоеную прамежкавую) і складаецца з уваходных ланцугоў і ўзмацняльніка радыёчастаты (у дыяпазоне ЗВЧ пры неабходнасці можа дадавацца ўзмацняльнік з малым узроўнем шумаў). Пераўтваральнік частаты мае гетэрадзін і змешвальнік, на выхадзе якога ўзнікае вял. колькасць камбінацыйных (сумарных і рознасных) частот карыснага сігналу і гетэрадзіна, з якой узмацняльнік прамежкавай частаты выдзяляе фіксаваную частату і забяспечвае вял. каэфіцыент узмацнення сігналаў гэтай частаты. Настройка С.р. на прыём пэўнага радыёсігналу дасягаецца адначасовай перастройкай частаты гетэрадзіна і выбіральных ланцугоў прэселектара. У некаторых прафесійных С.р. выкарыстоўваюць 2- ці 3-разовае пераўтварэнне частаты для паляпшэння тэхн. паказчыкаў. С.р. выкарыстоўваецца ў электрасувязі, радыёвяшчанні, тэлебачанні, радыёастраноміі, радыёлакацыі і інш.